Новы раман Кірыла Стаселькі “Дзевяць жыццяў Віта Морэ” паставіў адразу два рэкорды беларускай літаратуры: жанравы і па колькасці персанажаў. У творы, які мае нестандартную для класічных тэкстаў структуру, выкарыстоўваецца адразу 7 літаратурных жанраў. Акрамя таго, раман налічвае больш за 260 персанажаў, што з’яўляецца рэкорднай лічбай для беларускай мастацкай прозы.
“Дзевяць жыццяў Віта Морэ” ‒ Захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, які гарманічна сумяшчае розныя літаратурныя жанры і філасофскія канцэпцыі ў адно цэлае. Чытач акунецца ў шэраг гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краін ад Беларусі да Егіпта, вялікіх твораў ад Дантэ да Кафкі, ідэй і канцэпцый ад ніцшэанства да прагматызму.
Дзевяць жыццяў Віта Морэ ‒ не столькі літаратурны тэкст, размова аўтара з чытачом, колькі дыялог чытача з самім сабой і ўласным унутраным светам. Віта Морэ ‒ не проста галоўны герой, канкрэтная асоба, але вобраз, прататып, які, з аднаго боку, яднае нас, а з іншага ‒ выяўляе нашу рознасць і ўнікальнасць, выяўляе нашы памкненні, страхі, чаканні і матывы.
Папярэднія кнігі аўтара ‒ “Дзіцячы маніфест” (https://telegra.ph/Dz%D1%96cyachy-man%D1%96fest-08-10) і “Marginalis” (https://telegra.ph/Marginalis-08-20) ‒ уваходзілі ў спісы шэрагу літаратурных прэмій. У прыватнасці, “Дзіцячы маніфест” увайшоў у шорт-ліст Прэміі імя М. Багдановіча і лонг-ліст Прэміі імя Е. Гедройца. Раман “Marginalis” некалькі гадоў уваходзіў у спісы бэстсэлераў, у тым ліку, крамы oz.by.